Barriers and resources for social inclusion

State educational institution

"Slutsk Regional Center for Correction and Development Education and Rehabilitation"

РусскийБеларускiEnglish
Карта сайта Электронное обращение На главную

Menu

Main page Skip Navigation Links
 

 07.12.2021  Аппликация «Снегирь»

подробнее...

 

 03.12.2021  Международный день инвалидов

подробнее...

 

 02.12.2021  Итоги  конкурса   на лучшую сувенирную работу среди  педагогических работников

подробнее...

 

 01.12.2021  Письма Дедушке Морозу

подробнее...

 

 29.11.2021  Районная выставка  декоративно-прикладного творчества и изобразительного  искусства «Я и окружающий мир»

подробнее...

Contact Information

223610
Minsk region
Slutsk
Pionerskaya street, 3

8(01795) 4-74-88 (director)
8(01795) 4-15-37
8(01795) 4-15-36

email: ckroir.slutsk@mail.ru

Driving directions: карта

Statistics of visits

Яндекс.Метрика

 

«Настаўніцкая газета»

Бар’еры і рэсурсы сацыяльнай інтэграцыі

20.03.2021

Ці заўсёды грамадства здольна адмовіцца ад негатыўных стэрэатыпаў і забабонаў у адносінах да людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця? Як дапамагчы мясцовай супольнасці пераадолець сацыяльныя і псіхалагічныя бар’еры, якія часам ператвараюць дзяцей з АПФР у сацыяльных ізгояў? Як выкарыстоўваць іх уласны патэнцыял, каб стварыць магчымасць для іх актыўнага ўдзелу ў эканамічным і сацыяльным жыцці краіны? Гэтыя і іншыя актуальныя пытанні мы абмеркавалі з дырэктарам Слуцкага раённага ЦКРНіР Інесай Міхайлаўнай ПАНАМАРОВАЙ.

— Інеса Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, аб ролі вашай установы адукацыі ў сацыяльнай інтэграцыі асаблівых дзяцей.

— У Слуцкім раёне для дзяцей з АПФР на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі функцыянуюць 23 спецыяльныя групы і 32 групы інтэграванага навучання і выхавання. Адукацыйны працэс арганізаваны ў 110 класах інтэграванага навучання і выхавання, у якіх разам са звычайнымі дзецьмі вучацца па адукацыйных праграмах спецыяльнай адукацыі 192 навучэнцы з АПФР. Наш цэнтр дзейнічае ў кірунку іх інтэграцыі ў адукацыйнае асяроддзе і ў мясцовую супольнасць. У першую чаргу мы арганізоўваем умовы, якія дазваляюць сцерці межы паміж дзецьмі звычайнымі і з АПФР, усе вучацца ўзаемадзейнічаць на роўных. З аднаго боку, дзеці з асаблівасцямі засвойваюць нормы і традыцыі тых груп, у якія яны ўваходзяць. З іншага боку, іх звычайныя аднагодкі вучацца талерантным зносінам з не такімі, як усе, прымаць іх адрозненні.

Мясцовая супольнасць даволі спакойна ставіцца да таго, што разам са звычайнымі дзецьмі вучацца дзеці з парушэннямі псіхафізічнага развіцця. Працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна гатовы аказваць дабрачынную дапамогу. Прымаюць актыўны ўдзел у сумесных штогадовых калядных сустрэчах, акцыях “29 добрых спраў”, “Мама — гэта не роля, гэта — шчасце, гэта — сэнс, гэта — жыццё”. Але ўсё гэта не заўсёды з’яўляецца паказчыкам эфектыўнага, паспяховага ўключэння дзяцей з АПФР у соцыум.

— Не маглі б вы падрабязней патлумачыць, як падрыхтаваць грамадства да прыняцця асаблівых дзяцей? Што ўключае ў сябе паняцце “талерант­насць”?

— Талерантнасць — гэта здольнасць без процідзеяння ўспрымаць лад жыцця, характар паводзін людзей і іншыя асаблівасці, якія адрозніваюцца ад вашых асабістых. Падрыхтаваць грамадства — гэта значыць навучыць яго прадстаўнікоў падтрымлі­ваць зносіны на роўных з асаблівымі дзецьмі і іх бацькамі, узаема­дзейнічаць з імі не з пазіцыі жалю і спагады, а з пазіцыі прыняцця і павагі. Невялікі прыклад: ці многія ведаюць, што ў талерантным асяроддзі прынята гаварыць не “сляпое дзіця”, а “невідушчае дзіця”, не “даўн”, а “дзіця з сіндромам Даўна” і г.д.? Але і гэтага недастаткова. Ніякая шчырая ўсмешка не ператворыць непераадольны для чалавека з інваліднасцю лесвічны пралёт у пандус, не прымусіць з’явіцца субтытры на экране тэлевізара для тых, хто не чуе, і не зробіць звычайны шрыфт у кнізе шрыфтам Брайля, які патрэбны для невідушчага чалавека. Не менш важны і інфармацыйны аспект: асвятленне ў прэсе магчымасцей асаблівых дзяцей, дасягненняў іх сем’яў. Жыхары горада і раёна павінны ведаць, з якімі праблемамі сутыкаюцца такія сем’і і чым ім можна дапамагчы, што неабходна зрабіць, каб ліквідаваць існуючыя бар’еры на шляху іх сацыяльнай інтэграцыі. Негатыўнае або абыякавае стаўленне мясцовай супольнасці да дзяцей з АПФР, у тым ліку з інваліднасцю, не можа змяніцца само або па загадзе. Яго штодня мяняем мы самі: дзеці, іх бацькі, педагогі і неабыякавыя калегі, суседзі. Прыняцце сацыяльным асяроддзем, кожным чалавекам паасобку асаб­лівых лю­дзей — гэта доўгі працэс развіцця грамадства, пачынаць які трэба з ранняга дзяцінства чалавека — выхоўваць новае пакаленне так, каб талерантнасць была часткай іх светапог­ляду.

— Якая работа па стварэнні талерантнага асяроддзя праводзіцца вашым калектывам?

— Адзін з асноўных напрамкаў работы нашага цэнтра — псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей з АПФР і іх сем’яў, у тым ліку фарміраванне талерантнага стаўлення да іх. На працягу апошніх 10 гадоў нашай установай рэалізуецца шэраг цікавых праектаў. У 2011 годзе з’явіўся праект “Адукацыйная прастора — тэрыторыя талерантнасці”. Нашы педагогі планамерна працавалі з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу па стварэнні камфортнага псіхалагічнага асяроддзя, якое дазваляе дзіцяці з АПФР адчуваць сябе абароненым, гатовым да сацыяльнай інтэграцыі. У выніку рэалізацыі праекта многія педагогі, якія прымалі ўдзел у арганізаваных ЦКРНіР мерапрыемствах, сталі праваднікамі ідэй фарміравання талерантнага стаўлення да асаблівых дзяцей. Павялічылася колькасць навучэнцаў школ, якія прымаюць удзел у валанцёрскай дзейнасці і акцыях дружбы і міласэрнасці. Большасць бацькоў асаблівых дзяцей стала больш адкрытая грамадству, з насцярожаных і пасіўных назіральнікаў яны ператварыліся ў актыўных удзельнікаў адукацыйнага працэсу. У рамках праекта быў укаранёны метад форум-тэатра для вырашэння праблем сацыяльнага ўключэння “не такіх, як усе” дзяцей.

— Ствараць камфортнае асяроддзе для асаблівых дзяцей па месцы навучання, безумоўна, вельмі важна. Але жыццё такіх людзей не можа абмяжоўвацца толькі прасторай установы адукацыі, варта гаварыць і пра іх паспяховую інтэграцыю ў грамадства.

— Намі быў створаны і рэалізаваны шматвектарны праект “Горад роўных магчымасцей” (верасень 2014 — май 2016 года), які прадугледжвае шэраг кірункаў і задзейнічае розныя прадпрыемствы і ўстановы, грамадскія арганізацыі. Стварэнне пазітыўнага вобраза чалавека з абмежаванымі магчымасцямі, павышэнне ўзроўню інклюзіўнай культуры ў мясцовай супольнасці — гэта тыя прыступкі, па якіх мы ішлі да сваёй мэты.

Аказалася, не так проста ўцягнуць соцыум у абмеркаванне пытанняў талерантнасці і змяніць грамадскую думку. Мы пачалі расказваць мясцовай супольнасці аб талентах, здольнасцях і поспехах дзяцей з абмежаваннямі. Важна, каб звычайныя грамадзяне зразумелі, што магчымасці людзей залежаць не толькі ад іх здароўя або тэхналогій і што наяўнасць парушэнняў у развіцці не адмяняе паўнацэннага дзяцінства. У выніку такой работы за 3 гады было створана больш за 60 медыйных прадуктаў (артыкулы ў рэгіянальных СМІ, выступ­ленні на мясцовым тэлебачанні, відэасюжэты пра жыццё дзяцей з АПФР). Значна павысілася якасць узаемадзеяння ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі з органамі выканаўчай улады, валанцёрскімі аб’яднаннямі, прадпрыемствамі і арганізацыямі розных форм уласнасці. Іх задачай было сфарміраваць пазітыўны вобраз чалавека з абмежаваннямі: так, у іх іншы лад жыцця, бо так склалася сітуацыя. Але гэта не значыць, што з такім чалавекам немагчыма і нецікава ўзаемадзейнічаць.

— Якія ўмовы створаны ў раёне для развіцця творчага патэнцыялу дзяцей з АПФР?

— Такія ўмовы ўзнікаюць у працэсе сумеснай дзейнасці здаровых дзяцей і дзяцей з інваліднасцю на занятках творчых аб’яднанняў па інтарэсах у цэнтры дзіцячай творчасці, падчас спартыўных мерапрыемстваў, асваення інфармацыйных тэхналогій, у вольны час, у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў іх сем’яў. Наша гордасць — танцавальны калектыў “Слуцкія ўзоры”, у якім разам з навучэнцамі сярэдняй школы № 8 Слуцка займаюцца і навучэнцы нашага ЦКРНіР. Гэты калектыў атрымаў нямала раённых і абласных узнагарод. Вельмі важна асабліваму дзіцяці паверыць у тое, што яно “таксама можа, таксама здольна”. Нашы навучэнцы з асаблівасцямі маюць узнагароды на абласных і раённых выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва “Я і навакольны свет”; конкурсе “Музыка дзіцячай душы”; абласным фестывалі творчасці дзяцей-інвалідаў “Запалі сваю зорку” і рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.

— У сістэме адукацыі нашай краіны развіваюцца інклюзіўныя тэндэнцыі. Якая роля ў гэтым працэсе адводзіцца ЦКРНіР?

— У сувязі з развіццём інклюзіўных тэндэнцый у адукацыі і пытанне талерантнасці выхо­дзіць на новы ўзровень: варта падрыхтаваць педагогаў, бацькоў асаблівых дзяцей і іх здаровых аднагодкаў да адпаведных змен, навучыць іх навыкам зносін з дзецьмі з АПФР у новых умовах. У нашай установе, дарэчы, дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр спецыяльнай адукацыі па рабоце з бацькамі дзяцей з АПФР. Ва ўмовах інклюзіі любы педагог павінен не толькі разумець і прымаць асаблівае дзіця, але і ўмець праца­ваць з навучэнцамі з рознымі адукацыйнымі патрэбамі, валодаць вялікім арсеналам метадаў работы. Таму найважнейшай задачай з’яўляецца не толькі падрыхтоўка спецыяліста, які валодае неабходнымі кампетэнцыямі ў педагогіцы і псіхалогіі інклюзіўнай адукацыі, арыентуецца на адукацыйныя патрэбы розных дзяцей, але і адпаведная падрыхтоўка ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Усе нашы ранейшыя праекты падрыхтавалі глебу для рэалізацыі маштабнага праекта “Удасканаленне інклюзіўнай кампетэнтнасці ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ва ўмовах педагагічнай грамадскасці”. Пры яго рэалізацыі выкарыстана ма­дэль бесперапыннай адукацыйнай вертыкалі, якая ўяўляе сабой супрацоўніцтва некалькіх устаноў адукацыі: дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, што дазволіць сфарміраваць і рэалізаваць пераемнасць у навучанні і выхаванні асаблівых дзяцей. У выніку эфектыўнага супрацоўніцтва Слуцкага раённага ЦКРНіР і апорных устаноў адукацыі для дзяцей з АПФР (ясляў-сада № 19 Слуцка, сярэдняй школы № 13 Слуцка, а таксама Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя) быў рэалізаваны на практыцы сістэмны падыход да сацыяльнага ўключэння дзяцей з АПФР. Суправаджаючы асаблівае дзіця на шляху навучання і прафесійнага станаўлення, педагогі знаходзяцца разам з ім, часам крыху наперадзе, і калі трэба, тлумачаць, куды рухацца далей.

Шэсць разоў працоўны калектыў Слуцкага раённага ЦКРНіР, у тым ліку двойчы асабіста яго дырэктар Інеса Міхайлаўна Панамарова, былі занесены на Дошку гонару Слуцкага раёна. У 2014 годзе калектыў заняў 1-е месца па выніках I Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. У лютым 2021 года ўстанова атрымала дыплом пераможцы абласнога конкурсу галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі па выніках 2020 года ў намінацыі “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. Дыплом лаўрэата ў гэтай жа намінацыі быў уручаны калектыву летась. Неаднойчы калектыў цэнтра станавіўся ўладальнікам дыпломаў Міністэрства адукацыі за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” і інш.

— Ці магчыма, на ваш погляд, пабудаваць ідэальную мадэль грамадства роўных магчымасцей?

— Працэсы фарміравання талерантнасці як рысы асобы, пераходу да інклюзіўнай адукацыі працяглыя і амаль непрыкметныя. Іх нельга пачаць і скончыць у пэўныя тэрміны. Мяняюцца ўдзельнікі праектаў, прыхо­дзяць новыя педагогі, дзеці і бацькі. Мяняюцца ўмовы, патрабаванні, формы і метады. Другі год наш цэнтр рэалізуе новы рэспуб­ліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання талерантнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу праз арганізацыю прадукцыйнага ўзаемадзеяння з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Пры арганізацыі розных відаў прадукцыйнай дзейнасці (тэатральнай, харэаграфічнай, экалагічнай, дэкаратыўна-прыкладной і выяў­ленчай) у педагогаў фарміруюцца талерантныя спосабы і прыёмы ўзаемадзеяння з дзецьмі з АПФР. Да гэтай дзейнасці далучаюцца іх бацькі і здаровыя аднагодкі. І толькі наяўнасць талерантных установак і навыкаў узаемадзеяння з’яўляецца гарантыяй паспяховасці такой дзейнасці.

Мы не маем ілюзій аб стварэнні ідэальнага талерантнага грамадства, у якім змены адбудуцца ў адзін момант, адначасова ва ўсёй краіне. Усё пачне мяняцца ў розны час, у розных пунктах, розных мікрасоцыумах. Гэты працэс будзе праходзіць незаўважна, паступова, але настойліва пашыраючы сферу свайго ўздзеяння на людзей. І вядучая роля ў гэтым належыць педагогам, якія сеюць разумнае, добрае, вечнае. “Немагчыма” — гэта ўсяго толькі слова. Нема­гчыма — гэта не факт і не прысуд. Гэта выклік. Не­магчыма — гэта шанс паверыць у сябе. Не­магчыма — гэта не назаўсёды. Немагчымае магчыма.

Надзея ЦЕРАХАВА.