У карагодзе творчасці і талерантнасці

Государственное учреждение образования

«Слуцкий районный центр коррекционно-развивающего обучения и реабилитации»

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

«Слуцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі»

РусскийБеларускiEnglish
Карта сайта Электронное обращение На главную

Меню

Галоуная Skip Navigation Links
 

 12.04.2024  Благотворительная акция «Сад надежды»

подробнее...

 

 11.04.2024  Круглый стол «Психологические аспекты в работе с детьми с РАС»

подробнее...

 

 08.04.2024  Неделя усиления профилактики электротравматизма при рыбной ловле в охранных зонах воздушных линий электропередачи

подробнее...

 

 02.04.2024  Акция «Зажги синим»

подробнее...

 

 31.03.2024  Акция «Сдай батарейку - спаси природу!»

подробнее...

Кантактная інфармацыя

223610
Мінская вобл.
г.Слуцк
ул.Пионерская д.3

8(01795) 4-74-88 (дырэктар)
8(01795) 4-15-37
8(01795) 4-15-36

email: ckroir.slutsk@mail.ru

Схема праезду: карта

Cтатыстыка наведванняў

Яндекс.Метрика

 

«Настаўніцкая газета»

У карагодзе творчасці і талерантнасці

28.04.2016

Абласны гала-канцэрт XI Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” сабраў у Маладзечне выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, спецыяльных школ і цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з розных рэгіёнаў Міншчыны. На сцэне і выставачнай пляцоўцы яны дэманстравалі не толькі свае творчыя ўменні, але і сілу волі, веру ў лепшае і імкненне да перамогі.

Традыцыйна фестываль складаецца з дзвюх частак: выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і творчых выступленняў на сцэне. Папярэдне адбыліся тры адборачныя этапы: у Маладзечне, Уздзе і Смалявічах на сцэну выйшла больш за 400 удзельнікаў фестывалю, а на выставе было прадстаўлена каля чатырох тысяч работ, якія стварылі навучэнцы 68 устаноў адукацыі. Для ўдзелу ў абласным мерапрыемстве было выбрана каля 500 работ выхаванцаў 29 устаноў, у гала-канцэрце прынялі ўдзел 140 чалавек.

Выстава здзіўляла разнастайнасцю тэхнік, матэрыялаў, а таксама высокім выканальніцкім майстэрствам. Найбольш маштабную экспазіцыю прадставілі навучэнцы Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната. Тут былі работы вышываныя бісерам, стужкамі, кветкі са скуры і тканіны, акварэлі, работы, выкананыя ў тэхніцы дэкупаж, квілінг. Многія ўстановы адукацыі прадэманстравалі цудоўныя вырабы менавіта ў тых тэхніках, якія характэрны для іх раёна. Напрыклад, саламяныя вырабы прадставіў Валожынскі ЦКРНіР, керамічныя — ЦКРНіР Лагойскага раёна.

Некаторыя ўдзельнікі не проста дэманстравалі работы, а стваралі з іх завершаныя кампазіцыі, якія расказвалі пэўную гісторыю. Так, амаль кожны госць фестывалю падышоў да экспазіцыі Слуцкага раённага ЦКРНіР, аформленай у выглядзе вясковай печы, на якой грэліся розныя казачныя персанажы. Былі тут Дзед і Баба, Ямеля, Шчупак, Калабок і Курачка Раба. У печы патрэсквалі вельмі падобныя да сапраўдных агеньчыкі, а каўбасы, што над ёй сушыліся, выклікалі жаданне падсілкавацца.

Часта адлюстроўвалася ў работах нацыянальная тэматыка, народны каларыт. На сялянскім падворку запрашалі пабываць работы выхаванцаў Пухавіцкага раённага ЦКРНіР, уздзенскія замалёўкі прадставілі навучэнцы і педагогі з гэтага рэгіёна, прыгажосць нашай зямлі ў габеленах і разьбе па дрэве адлюстравалі выхаванцы Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальных тканак.

Дзеці не толькі засвойваюць новыя тэхнікі, але і выкарыстоўваюць незвычайныя матэрыялы для сваёй творчасці. Навучэнцы Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната стварылі дзівосныя кветкі з лупін бананаў і апельсінаў, карціны з каменьчыкаў і гузікаў прадставілі навучэнцы Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Работы студыі “Я малюю” Салігорскага ЦКРНіР цікавыя тым, што створаны падчас сумеснай дзейнасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і валанцёраў — навучэнцаў гімназіі № 3 Салігорска.

Пасля работы выставы галоўнае дзейства фестывалю перамясцілася на сцэну, дзе разгарнулася канцэртная праграма. Юныя артысты дарылі гасцям і журы вакальныя нумары, танцавальныя і тэатральныя кампазіцыі. Яскрава і пераканаўча яны расказавалі розныя жыццёвыя гісторыі мовай мастацтва. Шчырыя ўсмешкі выклікалі танцам “Ой, Вася-васілёк” маленькія выхаванцы Ждановіцкага дзіцячага дома, яркім было выступленне “Бліны масляніцы” інструментальнага ансамбля Уздзенскага раённага ЦКРНіР. Вытанчаны вальс на калясках ад выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з АПФР зала сустракала гарачымі апладысментамі. Разнастайныя цікавыя танцавальныя нумары падрыхтавалі навучэнцы Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху — ад старажытных шляхецкіх танцаў да сучаснага хіп-хопа. Парадавалі прадстаўнікі гэтай установы адукацыі і цікавай пантамімай “Музыканты” і паказам тэатра моды. Гледачоў зачараваў маленькі невідушчы спявак Сяргей Яцук, які вучыцца ў сярэдняй школе № 13 Слуцка.

Сярод гэтых цудоўных выступленняў і мноства работ выставы складана было вылучыць лідараў. Аднак журы ўзнагародзіла за творчыя нумары, прадстаўленыя на сцэне, дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені адпаведна Мінскую абласную дзяржаўную спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху, сярэднюю школу № 13 Слуцка і Жодзінскі дзіцячы дом.

Лепшымі ў выставе работ выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці сталі Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат, Слуцкі раённы ЦКРНіР і Мінская абласная дзяржаўная спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху. Яны занялі першае, другое і трэцяе месца адпаведна. Таксама былі вызначаны пераможцы ў намінацыях, спецыяльнымі дыпломамі адзначаны асобныя ўдзельнікі, калектывы і іх кіраўнікі.

Падводзячы вынікі работы абласнога фестывалю, старшыня журы Антаніна Міхайлаўна Змушко, начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі, адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі дзяцей, а таксама назвала рысы, характэрныя для фестывалю гэтага года ў Мінскай вобласці: зварот да вытокаў, актыўны ўдзел прадстаўнікоў ЦКРНіР і інклюзіўны характар многіх нумароў. Антаніна Міхайлаўна таксама звярнула ўвагу на тое, што ўпершыню сярод дыпламантаў апынулася звычайная школа — сярэдняя школа № 13 Слуцка. Таксама старшыня журы адзначыла, што фестываль развіваецца і мае вялікае значэнне: “Мы на кожным “Вясёлкавым карагодзе” бачым тое, што на папярэднім фестывалі нам здавалася немагчымым. Раней нават не маглі ўявіць, што на сцэну выйдуць выхаванцы ЦКРНіР, а сёння яны прадстаўлены шырока на гала-канцэртах ва ўсіх абласцях. Сёння бяруць удзел у фестывалі дзеці з аўтыстычнымі парушэннямі, для якіх цяжка ўвогуле ладзіць зносіны з людзьмі, а яны выходзяць на сцэну. Вялікае шчасце, што ёсць у нас прафесіяналы, якія могуць дапамагчы дзецям гэтага дасягнуць”, — падкрэсліла А.М.Змушко.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.