Региональная газета «Слуцкі край»
16 КРАСАВІКА Ў СЛУЦКУ ПРАЙШОЎ
IХ АБЛАСНЫ БАЦЬКОЎСКІ СХОД
19.04.2016
У рамках IХ абласнога бацькоўскага сходу 16 красавіка ў Слуцку на 6 тэматычных пляцоўках бацькі, педагогі, грамадскасць разглядалі пытанні ўмацавання фізічнага і духоўнага здароўя дзяцей, інтэлектуальнага развіцця і асобаснага станаўлення. Тысячы ўдзельнікаў бацькоўскага сходу ў раёнах Мінскай вобласці абмяркоўвалі актуальныя праблемы.
Вопыт узаемадзеяння сям’і і ўстановы адукацыі ў выхаванні здаровага пакалення прадэманстравалі ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтры дзіцячай творчасці, сярэдняй школе №13, у Слуцкім дзяржаўным каледжы, дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Сонейка», сацыяльна-педагагічным цэнтры. Надзённыя пытанні выхавання разглядалі падчас работы майстэрні зносін, форум-тэатра, «круглага стала», бліц-апытання. На пляцоўцы перад цэнтрам дзіцячай творчасці можна было навучыцца маляваць ніткамі, ляпіць з цеста, пазнаёміцца з тэхнікай выратавальнікаў і спецпрыладамі міліцыянераў.
Падзякамі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама і аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама ўзнагароджаны бацькі, чые дзеці маюць высокія дасягненні ў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах і конкурсах, творчыя і спартыўныя поспехі. Прыняты свод правіл здаровай сям’і Мінскай вобласці. Падрабязней пра раённыя мерапрыемствы бацькоўскага сходу мы раскажам у наступным нумары газеты «Слуцкі край».
Глеб Сеўрук (на здымку з мамай Анжэлай Альбертаўнай) – пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні. Яго бацькі адзначаны Падзякай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за годнае выхаванне сына.
Ірына Вечар